Эстэтыка танца. Ансамбль імя Ігара Майсеева прадставіць унікальныя нумары на «Славянскім базары»
Фота fest-sbv.gck.by 15 ліпеня, Мінск . На галоўную сцэну XXXV Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» 15 ліпеня выйдзе Дзяржаўны акадэмічны ансамбль народнага танца імя Ігара Майсеева. Легендарны калектыў з Расіі стане ўдзельнікам шоу «Танцуй, славянская душа!», паведамляюць арганізатары.
У 20.00 15 ліпеня віцебскі Летні амфітэатр аб’яднае на сваёй сцэне вядучыя беларускія калектывы: народны хор Беларусі імя Г.І.Цітовіча, харэаграфічны ансамбль «Харошкі», акадэмічны ансамбль танца Беларусі і іншыя. Ансамбль народнага танца імя Ігара Майсеева з Расіі ўвечары прадставіць гледачам пяць унікальных харэаграфічных нумароў, выбраных спецыяльна пад канцэпцыю сумеснага канцэрта, які раскрые гледачам усю палітру народных танцаў славянскіх краін.
На гастролі ў фестывальны Віцебск славуты калектыў прывёз новы мастацкі кіраўнік і дырэктар ансамбля народны артыст Расійскай Федэрацыі Аляксандр Ціханаў. Расказваючы аб падрыхтоўцы артыстаў да «Славянскага базару», ён адзначыў: «Мы літаральна некалькі гадзін таму прыехалі, паспелі толькі засяліцца, і пакуль я размаўляю — артысты пачалі рэпетыцыйны працэс і падрыхтоўку да канцэрта».
Для самога Аляксандра Ціханава, які ўзначаліў легендарны калектыў у маі бягучага года, гэта пасада стала новым этапам пасля 26 гадоў работы ў якасці артыста балета ансамбля. «Гэта пасада накладае вялікую адказнасць, таму што я адказваю за кожнага чалавека, за кожнага артыста і павінен сачыць за рэпертуарам, падтрымліваць традыцыі, — падзяліўся кіраўнік. — Мая задача на сённяшні дзень, безумоўна, падтрымліваць і захоўваць тыя традыцыі, тую спадчыну, тую харэаграфію, якую пакінуў нам вялікі балетмайстар Ігар Аляксандравіч Майсееў».
Ансамбль Ігара Майсеева, заснаваны ў 1937 годзе, да гэтага часу застаецца эталонам выканальніцкага майстэрства, куды імкнуцца трапіць сотні лепшых танцораў. Мастацкі кіраўнік расказаў, што адбор у адзіны састаў з прыкладна 80 чалавек вельмі строгі, нават для выпускнікоў школы пры ансамблі. «У калектыў трапляюць, вядома ж, лепшыя з лепшых. Яны пра гэта ведаюць, і мы іх выхоўваем на традыцыях ансамбля, на традыцыях школы, якая закладзена. Усе цудоўна разумеюць: каб дасягнуць мэты і стаць артыстам, трэба шмат працаваць», — расказаў дырэктар ансамбля.
Паводле яго слоў, сакрэт фенаменальнай, практычна нечалавечай сінхроннасці ансамбля — ў каласальнай працы і бясконцых паўтарэннях. Каб масавы нумар успрымаўся гледачом як адзіны жывы арганізм, адзін і той жа харэаграфічны элемент можа адпрацоўвацца сотні разоў, пакуль рух літаральна не ўвойдзе ў цела і ў ногі выканаўцаў. Акрамя знясільваючых агульных рэпетыцый, артысты штоддзённа праводзяць вялізную самастойную работу звыш устаноўленай праграмы. Лёгкасць выканання найскладанейшых нумароў — гэта вынік каласальнай штодзённай працы і соцень паўтарэнняў.
«Мы выходзім на сцэну ў першую чаргу для гледача, каб парадаваць яго эстэтыкай танца, эстэтыкай харэаграфіі. І калі ты дасягаеш высокіх вынікаў, калі ты можаш рабіць харэаграфічны рух так, як не можа зрабіць ніхто, ты разумееш: усе гэтыя пакуты каштавалі таго», — сказаў на заканчэнне Аляксандр Ціханаў.






