Культура

Паэтэса, актрыса, настаўнік і патрыёт. Як адзіны ў Беларусі музей Цёткі захоўвае яе спадчыну

Фота музея Астрынскай сярэдней школы імя А.С.Пашкевіч 15 ліпеня, Мінск . Як творчасць беларускай паэтэсы Цёткі (сапраўднае імя — Алаіза Пашкевіч) паўплывала на іншых беларускіх класікаў і з якіх твораў лепш пачаць сваё знаёмства з яе творчасцю, у дзень 150-годдзя з дня нараджэння гэтай выдатнай жанчыны расказала кіраўнік музея Астрынскай сярэдняй школы імя А.Пашкевіч (Цёткі) Ала Балобан.

«Алаіза Пашкевіч (Цётка) — адна з заснавальніц новай беларускай літаратуры XX стагоддзя. Яна была сярод тых, хто першым узняў беларускае слова да ўзроўню высокай літаратуры і грамадзянскай публіцыстыкі. Яе творчасць стала прыкладам таго, што літаратура можа быць не толькі мастацтвам, але і служэннем народу. Вершы і артыкулы Цёткі абуджалі нацыянальную свядомасць, заклікалі людзей любіць сваю зямлю і верыць у будучыню Беларусі. Яна закладвала падмурак беларускай грамадзянскай лірыкі, псіхалагічнай прозы і дзіцячай літаратуры. Лічу, што яе пераемнікамі і паслядоўнікамі сталі такія аўтары, як Змітрок Бядуля, Янка Купала, Якуб Колас, Канстанцыя Буйло і Міхась Чарот», — адзначыла Ала Балобан.

Паводле яе слоў, Алаіза Пашкевіч мела шмат псеўданімаў (Гаўрыла, Гаўрыла з Полацка, Мацей Крапіўка, Крапівіха, Тымчасовы, Банадысь Асака), але самым вядомым стаў псеўданім Цётка. Ёсць меркаванне, што ўпершыню паэтэса выкарыстала гэты псеўданім, падпісаўшы кнігу «Першае чытанне для дзетак беларусаў». Здаецца, што гэта быў вельмі сімвалічны выбар. Цётка хацела быць для дзяцей (напэўна, і для ўсяго народа) не далёкім пісьменнікам, а родным чалавекам — мудрай, клапатлівай цёткай, якая вучыць, падтрымлівае і дапамагае пазнаць свет. Гэты псеўданім вельмі добра адлюстроўвае ўсё яе жыццё. Яна сапраўды стала настаўнікам для некалькіх пакаленняў беларусаў.
«Асноўныя тэмы творчасці Цёткі — гэта любоў да Радзімы і роднай мовы, свабода, годнасць чалавека, цяжкае жыццё беларускага сялянства, адукацыя і нацыянальнае адраджэнне. Яна не проста апісвала жыццё, а імкнулася яго змяніць. Яе творы вучаць быць неабыякавымі, адказнымі за свой народ і сваю краіну, менавіта таму яе творчасць не страціла сваёй актуальнасці. І сёння мы гаворым аб захаванні беларускай культуры, мовы, гістарычнай памяці і грамадзянскай адказнасці — пра ўсё тое, аб чым Цётка пісала больш за сто гадоў таму», — дадала кіраўнік музея.

Паэтэса стаяла ля вытокаў беларускай дзіцячай літаратуры. Яе кніга «Першае чытанне для дзетак беларусаў» была не проста падручнікам пісьменнасці. Яна давала магчымасць дзецям упершыню чытаць на роднай беларускай мове, даведвацца пра сваю гісторыю, культуру, народныя традыцыі. Навучаючы грамаце, гэта таленавітая жанчына адначасова выхоўвала ў дзяцей любоў да свайго краю і разуменне таго, што быць беларусам — гэта гонар. Яе марай была адукацыя на роднай мове, даступная кожнаму чалавеку.

Тым, хто не ведае твораў Цёткі, Ганна Балобан параіла пачаць знаёмства са зборніка «Скрыпка беларуская», паколькі менавіта ў ім найбольш поўна раскрываецца грамадзянская лірыка паэтэсы. Другой кнігай павінна стаць «Першае чытанне для дзетак беларусаў», якое дапамагае зразумець Цётку як педагога і асветніка. Абавязкова варта прачытаць яе артыкул «Шануйце роднае слова!», які і сёння гучыць надзвычай сучасна і нагадвае пра каштоўнасць роднай мовы.
«Феномен Цёткі ў тым, што яна здолела аб’яднаць у сабе талент паэтэсы, педагога, публіцыста, грамадскага дзеяча, актрысы, медыцынскай сястры і сапраўднай патрыёткі, — упэўнена кіраўнік музея. — Калі мы звернемся да заліковых кніжак Алаізы Пашкевіч, то ўбачым, што яна піша: нарадзілася ў Беларусі, а родная мова — беларуская. І гэта ў пачатку ХХ стагоддзя! За свае сорак гадоў жыцця яна зрабіла вельмі шмат для беларускай культуры. Адзін з гісторыкаў вельмі трапна сказаў, што Цётка нібы аб’яднала ў сабе дзве вялікія фігуры беларускай гісторыі — Рагнеду як змагара за свабоду і Ефрасінню Полацкую як асветніцу. Менавіта гэта шматграннасць і робіць яе асобай, якая не старэе з цягам часу».

Ала Балобан падкрэсліла, што Цётка разумела: усё пачынаецца з адукацыі і культуры. Яна арганізоўвала асветную работу, адкрывала нелегальныя беларускія школы, дапамагала распаўсюджваць беларускія кнігі. А яшчэ яна працавала сястрой міласэрнасці ў час Першай сусветнай вайны. Яе поспех вымяраецца не палітычнымі перамогамі, а тым, што яна абуджала нацыянальную свядомасць людзей. Асабліва актуальнымі сёння застаюцца яе словы аб неабходнасці шанаваць родную мову, быць адукаванымі, адказнымі і міласэрнымі.

«У нас у Астрыне, — адзначыла Ала Балобан, — працуе адзіны музей Алаізы Пашкевіч (Цёткі) у Беларусі. Гэта робіць яго асаблівым месцам для ўсіх, хто цікавіцца беларускай літаратурай, гісторыяй і культурай. Музей дзейнічае з 1982 года. Ля вытокаў стварэння — настаўнік беларускай мовы і літаратуры Галіна Багумілаўна Пугач і яе актыўныя, неабыякавыя да гісторыі малой радзімы вучні. У 2006 годзе была праведзена рэканструкцыя музея».

У ім можна ўбачыць чатыры экспазіцыі, якія аб’ядноўвае яркая зорка Алаізы Пашкевіч. У першай зале размешчана экспазіцыя «Стала песняй у народзе…», якая вядзе нас сцяжынкамі Цёткі. Каштоўныя экспанаты расказваюць аб сям’і Пашкевічаў, дзяцінстве і юнацтве Алаізы, яе вучобе ў Вільні, Пецярбургу, Львове і Кракаве, рэвалюцыйнай і асветніцкай дзейнасці. Прадстаўлена шмат фатаграфій паэтэсы, яе родных і сяброў, выдатных дзеячаў культуры, якія аказалі ўплыў на станаўленне яе грамадзянскай пазіцыі і літаратурную творчасць.
Другая зала «Гучыць яе ліра нанова…» знаёміць наведвальнікаў з пісьменнікамі Гродзеншчыны, якія прадаўжаюць літаратурныя традыцыі, пачатыя Цёткай. У трэцяй, этнаграфічнай, зале «Сведкі мінуўшчыны» прадстаўлены прадметы побыту і працы беларускага сялянства канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя. Менавіта ў такім асяроддзі фарміраваўся светапогляд будучай паэтэсы. Чацвёртая экспазіцыя «Тут родзіцца думка за думкай…» расказвае пра гісторыю Астрынскай сярэдняй школы і яе сучаснае жыццё. Экспазіцыя як бы з’яўляецца сведкай таго, што мара Цёткі аб адукацыі для ўсіх дзяцей здзейснілася.
Фота музея Астрынскай сярэдняй школы імя А.С.Пашкевіч

Источник

Похожие статьи

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.

Кнопка «Наверх»