Абмен вопытам і захаванне агульнай памяці. Ваенныя ведамствы Беларусі і Азербайджана абмеркавалі супрацоўніцтва
Фота «Ваяр» 13 ліпеня, Мінск . У Цэнтральным доме афіцэраў адбыліся перагаворы паміж начальнікам Генеральнага штаба — першым намеснікам міністра абароны Беларусі Паўлам Муравейкам і першым намеснікам міністра абароны Азербайджана — начальнікам Генеральнага штаба Азербайджанскай Арміі Керымам Веліевым, паведамілі БЕЛТА ў Мінабароны.
Бакі абмеркавалі бягучы стан двухбаковага ваеннага супрацоўніцтва і намецілі шляхі яго інтэнсіфікацыі ў галінах, якія ўяўляюць узаемны інтарэс.
Павел Муравейка адзначыў, што беларуска-азербайджанскае супрацоўніцтва ў многім грунтуецца на даверных адносінах кіраўнікоў дзвюх дзяржаў, што стварае аснову для развіцця ўзаемадзеяння, у тым ліку паміж ваеннымі ведамствамі. «Мы, ваенныя, проста абавязаны рухацца ў гэтым жа напрамку і развіваць супрацоўніцтва. Упэўнены, што існуючыя напрамкі — гэта толькі першая прыступка развіцця больш шырокага, больш актыўнага ўзаемадзеяння. Мерапрыемствы, уключаныя ў сумесны план, рэалізуюцца як ніколі актыўна. Ільвіную долю ў гэтым адыгрывае асабісты ўклад міністра абароны Азербайджана і тыя цёплыя адносіны, якія складваюцца паміж намі як кіраўнікамі адпаведных ведамстваў», — сказаў ён.
Керым Веліеў падкрэсліў, што Беларусь і Азербайджан павінны ўмацоўваць супрацоўніцтва, развіваць абмен вопытам і захоўваць агульную гістарычную памяць, якая знаходзіцца ў аснове братэрскіх адносін двух народаў.
Пасля перагавораў бакі ўшанавалі памяць савецкіх воінаў, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, усклаўшы вянкі і кветкі да манумента Перамогі.







